
Выхаванцы ДУ «Івянецкі дзіцячы сацыяльны пансіянат «Дабрыня сэрцаў» наведалі музей і сталі ўдзельнікамі мерапрыемства «У гонар Пупко».
Творчая спадчына Апалінара Фларыянавіча Пупко (12.ХI.1893 – 1984гг) ужо належыць гісторыі і ўяўляе неацэнны пласт духоўнай і матэрыяльнай культуры нацыі. Івянецкая зямля дала Беларусі таленавітага творцу – носьбіта найкаштоўнейшых, глыбінных традыцый народнага разьбярства, самабытнага мастака-жывапісца, адмысловага графіка. Будучы прадстаўніком рэнесансу беларускай культуры пачатку ХХ ст., ён усёй сваёй творчасцю аддана служыў ідэі беларушчыны, таму яго працы знаходзяць жывы водгалас у сучасным працэсе развіцця народнага мастацтва.
Ён паходзіў з вядомага роду Пупкаў, які славіўся сваімі патомнымі майстрамі-мулярамі, ганчарамі, разьбярамі, чырванадрэўшчыкамі. З малаком маці ўвабраў у сябе дух таго творчага асяроддзя, што быў уласцівы Івянцу, як буйнейшаму цэнтру народнага мастацтва, росквіт якога прыпадае на дзіцячыя і юнацкія гады Апалінара. Усё яго доўгае і плённае жыццё прайшло ў мястэчку, за выключэннем двухгадовай вучобы ў прыватнай гімназіі ў Мінску.
Прафесійнай мастацкай адукацыі Апалінар не атрымаў, але дадзены Богам талент патрабаваў самавыражэння праз мастацкія вобразы. З дзяцінства з вялікай асалодай ён піша эцюды родных краявідаў акварэллю, лепіць з гліны, рэжа па дрэве, робіць малюнкі каляровымі алоўкамі.
Працы маэстра захоўваюцца ў музеях Мінска, Раўбічаў, Маладзечна і прыватных зборах. У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адведзена асобная зала пад экспазіцыю твораў А. Ф. Пупко.