Гісторыя музея

11 верасня 1957 г. у г.п.Івянец быў адкрыты мемарыяльны музей Ф.Э. Дзяржынскага.

Першым дырэктарам музея быў Л.А. Сокал-Кутылоўскі (1957-1958гг.).
На працягу 37 год нязменным дырэктарам быў заслужаны работнік культуры БССР Мікалай Сямёнавіч Карнееў (1958 – 1995).

У 1969 г. пасля капітальнага рамонту і рэканструкцыі будынка музея (замена пячнога ацяплення цэнтральным, вадзяным, паляпшэнне планіроўкі і асвячэння залаў і г.д.), была скончана пачатая ў 1968 г. вялікая праца па стварэнню новай экспазіцыі музея Ф.Э. Дзяржынскага. Мастакі-афарміцелі экспазіцыі: Э.К. Агуновіч, А.І. Рыбчынский, А.А. Царэнка і В.Г. Дзідзенка.
У новую экспазіцыю было ўключана ледзь не на палову больш экспанатаў, чым існавала раней - 765.
Новая экспазіцыя музея Ф.Э. Дзяржынскага стала месціцца ў вестыбюлі, шасці залах і калідоры музея. (Агульная плошча 202,5 ​​кв.м.)
Да 95-годдзя з дня нараджэння Ф.Э. Дзяржынскага, у 1972 г. на хутары Дзяржынава былі праведзены значныя работы па добраўпарадкаванню тэрыторыі, рэстаўраваны падмуркі ўсіх пабудоў, усталяваны мармуровы бюст, мемарыяльная дошка і 49 велізарных валуноў, якія сімвалізуюць кожны год жыцця Ф.Э. Дзяржынскага. У спецыяльна пабудаваным доме побач з былым жылым домам быў адкрыты філіял музея Ф.Э. Дзяржынскага - плошча экспазіцыі філіяла склала 65 м. кв. Аформілі экспазіцыю філіяла мастакі Мінскага мастацка-вытворчага камбіната Дзядзенка В.Г. і Безбердый М.В.
На падставе сабраных у музеі матэрыялаў і «тэматыка-экспазіцыйнага плана» у 1977 г. пасля завяршэння капітальнага рамонту і рэканструкцыі будынка была створана новая, цікавая і змястоўная экспазіцыя. Яна размешчана ў 6 залах, вестыбюлі і калідоры музея (агульнай плошчай 330 кв. м., з якіх экспазіцыя філіяла музея ў Дзяржынава складае 64 кв. м.).
Экспазіцыя створана мастакамі Мінскага мастацка-вытворчага камбіната Кандрацьевым У.Д. (галоўны мастак экспазіцыі) і Квасковым В.А.

У1992 г. упраўленне культуры Мінаблвыканкама выдала загад «Аб частковай перапрафілізацыі дзейнасці абласнога музея Ф.Э.Дзяржынскага». З гэтага часу калектывам музея вядзецца праца над зборам і захаваннем прадметаў народнага мастацтва.

2004 г. - у Дзяржынава адноўлены дом сям'і Дзяржынскіх з пастаяннай экспазіцыяй, што стала штуршком для стварэння самастойнага музея.

23 студзеня 2006 г. Музей Ф.Э.Дзяржынскага перайменаваны ў дзяржаўную ўстанову “Івянецкі музей традыцыйнай культуры”.

У наш час дзяржаўная установа “Івянецкі музей традыцыйнай культуры” шматфункцыянальны комплекс. Адміністрацыйны будынак уключае гісторыка-краязнаўчую экспазіцыю, шыкоўную арыгінальную залу керамікі і пастаянную выставу твораў карыфея нацыянальнага разьбярства Апалінара Фларыянавіча Пупко.

Але сапраўдным каштоўным дыямантам паўстае Цэнтр рамёстваў пры музеі, дзе дзейнічаюць ганчарння і майстэрня ткацтва, кузня і майстэрня мастацкай апрацоўцы драўніны з разгаляванымі пазнавальнымі экспазіцыямі па спецыфічнаму профілю. Тут праводзяцца заняткі гурткоў і ёсць магчымасць для наведвальніка акунуцца ў сакральную таямніцу стварэння твора майстрам.

У сядзібна-паркавым комплексе канца ХІХ ст. працуе музейны аб`ект “Карчма” і музей местачковага побыту. На тэрыторыі, упрыгожанай драўлянымі скульптурамі і альтанкамі-навесамі, для наведвальнікаў створаны ўмовы для культурнага адпачынку пад шатамі старасвецкіх дрэваў.