Экспазіцыі на вул.Музейная,2

Экспазіцыя музея складаецца з трох раздзелаў:

- “Гісторыка- этнаграфічны”,

- “Кераміка. Традыцыі і сучаснасць”,

- “Работы А.Ф.Пупко”.

У гісторыка–этнаграфічным раздзеле змешчаны рэдкія фотаздымкі, дакументы, кнігі, прадметы к. XIX - пач. XX ст.ст. Расказваецца пра быт і культуру жыхароў традыцыйнага заходнебеларускага мястэчка Івянец і яго ваколіц.

Цікавасць уяўляюць матэрыялы пра былых уладароў Івянца – Салагубаў і Плявакаў; графа Бенядзікта Тышкевіча, які ўвайшоў у гісторыю беларускай і сусветнай фатаграфіі як прызнаны майстар, які ў канцы ХІХ ст. накіраваў аб’ектыў фотакамеры на вобразы і побыт жыхароў маёнткаў роднай Валожыншчыны. Менавіта ва ўрочышчы Вялае, у сям’і графскага аб’ездчыка, прайшло ранняе дзяцінства будучай паэткі Канстанцыі Буйло.

У экспазіцыі знайшлі адпаведнае месца фотаздымкі і рэчы антыфашыстаў Казіміра і Люцыі Дзяржынскіх, выратаваўшых ад смерці жыхароў Івянецкага раёна ў гады другой сусветнай вайны.

Адметны след у культурным жыцці мястэчка пакінуў выдатны беларускі хормайстр, адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнага народнага хору БССР, нястомны збіральнік і добры знаўца беларускай народнай песні, непараўнальны майстар апрацоўкі народных песень - зямляк Канстанцін Паплаўскі, бацька народнай артысткі беларускай эстрады Ядзвігі Паплаўскай.

Выстаўка “Кераміка. Традыцыі і сучаснасць”.

Івянецкая кераміка вядома з XVI стагоддзя. “Сталіцай ганчарства” называлі Івянец у к. XIX – пач. XX ст.ст. Славу прынесла “паліваная” кераміка, якая шырока прадстаўлена ў экспазіцыі. Гэта слаі, глякі, спарышы, рынкі, збаны, місы і інш.

Вылучае івянецкую кераміку мясцовы дэкор - фляндроўка. Распрацоўку яго выканаў у другой палове XX ст. знакаміты майстар Вітольд Кулікоўскі. Дзякуючы яго настойлівасці і ініцыятыве за кароткі час фляндроўка дасягнула такой выразнасці, што стварыла славу івянецкай кераміцы далека за межамі Беларусі. Пазней фляндроўкай авалодалі ганчары І.В.Малчановіч (1929-1988). А.В.Пракаповіч (1935г.н.) і М.М.Звярко (1930-1989) . Фляндроўка сёння - візітная картка івянецкай керамікі.

Асобным пластом у развіцці івянецкай ганчарнай вытворчасці з’яўляецца ляпная дэкаратыўная кераміка. У адрозненне ад посуду ёй надаваліся дваякія функцыі – не толькі практычнага карыстання, але і аздабленне інтэр’еру.

У канцы ХІХст.- пач. ХХст. найбольшай вядомасцю карысталіся вырабы С.Мікуцкага, І.Сасноўскага, П.Собаля. Здзіўляюць сваімі формамі пасудзіны ў выглядзе жывёл, унікальныя букетнікі, падобныя да ствала дрэва з парасткамі. У Беларусі ў другой палове ХХст. вытворчасць фігурных гліняных пасудзін была справаю найбольш умелых майстроў. Асаблівага развіцця фігурная кераміка дасягнула ў Івянцы, дзе традыцыя стварэння гліняных пасудзін адрадзілася і набыла сваё прадаўжэнне. Заслуга ў гэтым належыць аднаму з лепшых івянецкіх ганчароў старэйшага пакалення - Міхаілу Звярко. Несумненнае дасягненне майстра - фігурныя пасудзіны ў выглядзе зубра, выява якога стала своеасаблівым сімвалам Беларусі.

Эстэтыка рукатворнасці найбольш яскрава выяўляецца ў ляпной дробнай пластыцы, асабліва гліняных музычных інструментах, цацках – свістульках. Выраб глінянай цацкі захаваўся без змен ад старажытнасці да пач.ХХ ст.- часу своеасаблівага росквіту гэтага віду народнага мастацтва. Цацку масава ляпілі практычна ва ўсіх ганчарных цэнтрах. Свістулькі не размалёўваліся, а часцей пакрываліся палівай. Майстры кіраваліся падсвядома асаблівасцямі дзіцячай псіхалогіі: галоўнае залівісты свіст, а іншае дапоўніць дзіцячая фантазія.

У 20-30гг. ХХ ст. жыхары Івянца Фабіян Лотыш і Калікст Дамброўскі арганізавалі ў мястэчку дзве фабрыкі-мануфактуры па вытворчасці кафлі. Да сёняшніх дзён захаваліся ў дамах івянчан каміны, кафляныя печкі, вырабленыя з паліванай кафлі з геаметрычным, раслінным, геральдычным арнаментам.

Івянецкая кераміка дасягнула асаблівага развіцця. У 60-80гг. ХХст. з ёй не можа параўнацца ні адзін ганчарны цэнтр Беларусі. Разглядаючы яе мастацкія асаблівасці, традыцыйнасць у гістарычным плане, патрэбна адзначыць, што развіваліся яны ў адным рэчышчы як беларускае народнае мастацтва.

Выстаўка работ Апалінара Пупко

Творчая спадчына Апалінара Фларыянавіча Пупко (1893-1984) ўяўляе неацэнны пласт духоўнай культуры нацыі. Івянецкая зямля дала сапраўднага творцу-носьбіта найкаштоўнейшых, глыбінных традыцый народнага разьбярства, самабытнага мастака-жывапісца, адмысловага графіка, які пакінуў пасля сябе рознапланавыя скульптуры, рэльефныя пано, жывапісныя творы. Экспазіцыя дапоўнена культавай пластыкай івянецкіх майстроў XVIII ст., якія складаюць гонар музейнай калекцыі.