Сядзібна – паркавы комплекс


Сядзібна – паркавы комплекс

У снежні 2000 г. былыя гаспадарчыя пабудовы ( канюшня і свіран) і тэрыторыя сядзібы былі перададзены Івянецкаму музею традыцыйнай культуры. Апошнім уладаром сядзібы быў П.М.Дарагунцаў. Ён валодаў івянецкімі землямі з 26.07.1902 па 1939 г. Як мяркуецца, гэта быў “Белы двор” – сядзіба Салагубаў, а потым Плявакаў. У склад сядзібы ўваходзіў сядзібны дом, невялікі парк, капліца, гаспадарчыя пабудовы: стайня і свіран.

Дом размяшчаўся на 3-х узроўнях. Ацяпленне было пячное, дымаходы праходзілі па сценах. На ніжнім узроўні знаходзіліся падвальныя памяшканні, на двух верхніх – жылыя.

Па планіроўцы маентак набліжаўся да тыпу шляхетнага жылля. У цэнтры находзіліся ганак і сенцы са скразным выйсцем на двор. Яго акружаў невялікі парк /0.5 га/. Парадная частка баскета была абсаджана радам ліп.

Пасля ІІ сусветнай вайны ў доме месціліся адміністрацыя і бухгалтэрыя райпрамкамбіната /пазней ДАКа/. З 90-х гадоў сядзіба пуставала.

У сакавіку 1998 г. дом згарэў. У былых гаспадарчых пабудовах створаны майстэрні: “Кузня”, “Мастацкая апрацоўка дрэва”, музейны аб’ект “Карчма”, “Музей местачковага побыту”.

Музей местачковага побыту.

Будынак “Свіран” (пабудова, якая служыла для захавання адборнага збожжа) пабудаваны з бутавага каменю ў простых формах утылітарнай архітэктуры. Мае два ўзроўні з асобнымі ўваходамі: паўпадвальны з экспазіцыямі “Камора” і “Трапезная зала” і аднапавярховы з двума пакоямі.

Адпаведна плана музеефікацыі музей местачковага побыту размясціўся у будынку Свіран. Пры афармленні экспазіцыі з’явілася магчымасць умоўна раздзяліць памяшканне на: сенцы, кухню, спальны пакой, залу, сталовую.

Побыт – гэта, у першую чаргу, рэчы, якімі мы карыстаемся, якія мы захоўваем, а таксама рытуалы, звычаі, абрады, традыцыі.

Сені: (сенцы) - ўваходная частка традыцыйнага дома, неацяпляемае і нежылое памяшканне, якое служыць раздзяляльным бар'ерам паміж асноўным, жылым памяшканнем і вуліцай; пакой, дзе звычайна здымаюць верхнюю вопратку і абутак; халодная камора для прадуктаў харчавання ў дэмісезонны перыяд (для гэтага абсталююцца паліцы). Размяшчаны на лавах саламяныя шыяны, гарчыкі і лубкі, выдзеўбаныя ступкі, бандарныя вырабы, рэшата, каромысла. На паліцы – шкляныя бутэлькі, на жэрдцы - плеценыя кашы, кашы з вечкамі, буч, берасцяны кораб – туес. На падозе - каляска дзіцячая на каваных колах са сплеценай з лазы карзінай, каваныя санкі. На круку вісіць паўсядзённая верхняя вопратка (світка, бурнос, кажух, курта), пад ёй абутак

З сенцаў пераходзім у кухню. Яе роля ў шляхецкім побыце была вельмі важнай.
Пры ўваходзе ў кухню нас сустракае печ, якая з’яўляецца важным элементам інтэр’еру. Абагравае хату, у ей вараць ежу, на ей спяць, адпачываюць, лечацца.
Ажыўлялі хату рэчы, зробленыя рукамі местачкоўцаў. Гэта дзяжа,гліняны посуд, кухонная паліца з медным посудам, збанком, сітам і павешанымі драўлянымі лыжкамі, апалонікамі.
На лаве – даенка, сальніца, драбілка для крупаў, прыстасаванне для вырабу каўбас.

Пакой наступны – спальны.У інтэр’еры гэтага пакоя месцяцца: шафа, ложак, побач з якім – дзіцячая калыска. На сцяне, над ложкам – тканы дыван (посцілка). Ложак засланы накрываннем з вышыўкай гладдзю, з падузорам, звязаным кручком. Ля вакна швейная машынка.

У сталовай звяртаем увагу на дыхтоўны стол з самаварам і над ім – карціны, вышытыя крыжыкам С. Іваньковай “Алёнушка”, “Алені”, “Закаханыя”.

Зала – самы вялікі і светлы пакой. У зале пачэснае месца займае Покуць – гэта куточак храма ў хаце. Пад столлю на сцяне вісіць абраз “Божая Маці Ружанцовая”, 1883 г., убраны ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі). Тут залацяцца галінкі асвечанай вярбы. За абразамі трымаюць бутэлечку са свянцонай вадою – лекамі ад розных хвароб. Святыя маўкліваю малітвай асвячаюць хату і жыцце людзей у гэтай хаце, на ўсей сядзібе.
На палічцы знаходзіцца крыжык пач. ХХ ст. і малітоўнікі.
Тут жа размешчана канапка з дэкаратыўным аздабленнем, над якой вісіць рамка з фотаздымкамі мястачкоўцаў розных пакаленняў. На стале ляжыць альбом са здымкамі.
Прыгожы буфет з посудам дамінуе ў інтэр’еры шляхецкага дома. Гэты буфет належыў гаспадару маёнтка П.Дарагунцаву.

Майстэрні “Кузня” і “Майстэрня па апрацоўцы драўніны”размешчаны ў былой гаспадарчай пабудове стайні. У майстэрнях створаны пастаянныя экспазіцыі.
У Кузні змешчаны прылады для кавальства, дзейнічае горан і накавальня 1546 г., прадстаўлены кавальскія вырабы і ліццё. Падчас экскурсіі каваль робіць падкову, з групы выбірае падручнага-малатабойца, які і атрымлівае ў падарунак падкоўку.

У мастэрні па апрацоўцы драўніны прадстаўлены работы вядомых разьбяроў Беларусі, дзіцячыя работы, праводзяцца заняткі з дзецьмі, метадыст паказвае спосабы разьбы па дрэве.

На тэррыторыі сядзібы праводзяцца абрады “Масленіца”, “Гуканне вясны”, свята – конкурс “Гліняны звон”, гульнёвыя праграмы “Таямніцы старасвецкага мястэчка Івянец”, “Івянецкія забавы” і інш. Створаны ўмовы для адпачынку – навес з кастрышчам, памяшканне ў МА “Карчма”.