Кераміка

Кераміка паходзіць ад грэчаскага "кеrамоs"- вырабы з прыроднай гліны і іх сумесей з мінеральнымі і арганічнымі дамешкамі, абпалены да каменападобнага стану. Першыя пісьмовыя звесткі аб івянецкіх ганчарах адносяцца да ХVІст. У канцы ХІХ пач. - ХХстст. Івянец набывае славу ганчарнай сталіцы на Беларусі. Таму нездарма калекцыя налічвае 2684 адзінкі, адна з найбуйнейшых калекцый музея. Асартымент вырабаў вельмі разнастайны – ад звычайнага бытавога посуду, кафлі, цацкі-свістулькі да дэкаратыўнай керамікі (попелкі, букетніцы, ляпныя фігурныя сасуды). Візітнай карткай івянецкай керамікі з'яўляецца фляндроўка -роспіс па сырому чарапку з хваляпадобнымі рысамі і стужкамі рознакаляровых ангобаў. Распрацаваў унікальны дэкор для аздаблення ганчарных вырабаў Вітольд Кулікоўскі (гады жыцця -1910-1985гг.) У другой палове 20-га ст. у Івянцы дзейнічалі дзве фабрыкі – мануфактуры па вытворчасці кафлі Фабіяна Лотыша і яго зяця Калікста Дамброўскага. Кафля (ад ням. Kachel), керамічны выраб для абліцоўкі і керамічнага аздаблення печаў, камінаў і інш. Уяўляе сабой плітку, бок якой мае выгляд адкрытай каробкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. На сённяшні дзень у многіх дамах Івянца захаваліся печы і каміны, зробленыя з мясцовай кафлі . Асартымент ганчарных вырабаў калекцыі вельмі разнастайны: кухонны посуд (для прыгатавання ежы- гаршкі, рынка,); посуд для захавання і транспарціроўкі прадуктаў (слаі, глякі, збаны,спарышы);сталовы посуд (талеркі, міскі, кубкі, графінчыкі, цукерачніцы, сервізы для вады, чая, кофе); вырабы гаспадарчага прызначэння :маслабойка, церніца (макотра), бабачніца, банка для адстойвання малака і г.д. Асобным пластом у калекцыі з’яўляецца ляпная дэкаратыўная кераміка: пасудзіны ў выглядзе львоў, бараноў, мядзведзяў, букетнікі, цацкі-свістулькі і інш.