Ігрышча "Ката пячы"

   Зімовыя ігрышчы і забавы некалі былі шырока распаўсюджаны ў вёсках, зараз іх элементы шырока выкарыстоўваюцца у час правядзення розных святаў. Ігрышча “Ката пячы” маглі спраўляць і ў Каляды, і ў перадкалядны пост Піліпаўку, і на Міхайлу зімовага, ў перыяд паміж пастамі — Піліпаўкай і Вялікім постам перад Вялікаднем.  У асноўным, гэта была пагулянка моладзі. У наш час сляды ігрышча “Ката пячы” можна знайсці ў Бярэзінскім, Барысаўскім, Вілейскім, Лагойскім, Мінскім раёнах Міншчыны.

 Івянецкі музей традыцыйнай культуры таксама выкарыстоўвае элементы гэтага ігрышча, якое праводзіцца на тэрыторыі сядзібна – паркавага комплексу.

  «Кот», сабраны з булак (галава, тулава і лапы), сала (вушы), каўбасы (хвост) ды іншых элементаў — вусы з макароны, вочы з разынак, рот з морквы ці памідора — падвешваецца на  спецыяльнай прыладзе.

 Потым кожны па чарзе «пад'язджае» да ката верхам на вілках ці чапяле і стараецца адкусіць кавалачак, а іншыя ўдзельнікі смешаць і перашкаджаюць. Пры гэтым трэба гучна прамаўляць: «Ад парога да кута еду на лысага ката!» Хто не спраўляецца з задачай, выконвае «фант» — спявае прыпеўкі, альбо «ходзіць пеўнем вакол курыцы», альбо, калі гэта маладая дзяўчына, становіцца на табурэтку ды крычыць: «Мама, рыхтуй падушкі — замуж хачу!»,  або згуляць у гульню “Сарваць вішаньку”. Гэта эратычная гульня, калі жанчына стаіць на лаве, трымаючы ў роце вішню або цукерку, а мужчына павінен падсочыць і забраць у яе салодкае.

Калі «Ката» ўдалося адкусіць, абрад завяршаецца, і вядучая-Свашка  раздае ўсім па кавалачку, ды не проста так, а з пажаданнямі: скажам, «вушкі — каб муж не хадзіў да падружкі», «лапы — каб мужык быў ля хаты», але найчасцей усе просяць «дайце мне каціны хвост, бо ўжо хутка пост!».

   Што да вобраза Ката, то ў “Слоўніку славянскай міфалогіі” апісваецца дух-ахоўнік шлюбнага ложа, які меў выгляд рудога, касматага, з вялікімі вушамі ката. Ёсць нават яго малюнак з галінкай стрэлкалісту ў зубах. Стрэлкаліст выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне: ён ачышчаў арганізм, рэгуляваў мужчынскую сілу. Асноўная функцыя Люба была ахоўваць шлюбнае ложа ад Нелюба, якога ўяўлялі ў выглядзе чорнага ката з галінкай блёкату ў зубах. Блёкат, наадварот, рабіў чалавека шалёным, лютым, неадэкватным у паводзінах. Вось чаму, аказваецца, што чорны кот прыносіць бяду, а жанчына з рудым колерам валасоў лічыцца самай сексуальнай! І яшчэ цікавая дэталь: на вяселлі для Люба пяклі спецыяльную ахвяру: авальную аладку з пышнага пшанічнага цеста, у якую быў запечаны з жытняга цеста фалічны сімвал у форме грыба-чырвонагаловіка. Печыва ставілі непадалёк ад шлюбнага ложа маладых, каб іх інтымнае жыццё было заўсёды пад аховай Люба. Каб атрымлівалі радасць ад жыцця і сілы для працы, нараджалі дзяцей і любілі адзін аднаго ўсё жыццё. Але ўсё гэта было недзе ў глыбокай старажытнасці.